Бровар Trye Beer, які на пачатку года прэзэнтаваў свае першыя тры гатункі, выпусьціў новае піва — IPA «Хмелішча».
Беларускі піўны рынак яшчэ шмат год застанецца прасторай, дзе можна ствараць нешта першым. Толькі за апошнія пару месяцаў зьявіўся першы моцны бітэр, першы масавы сэйзан, першае піва з хмелем Jarillo… Прыйшла чарга першага беларускага IPA у бутэльках. Так, канечне, было ўжо «Duda IPA», але гэта калябарацыйнае піва і разьлівалася яно ў Летуве. Таму «Хмелішча» можна сьмела называць першапраходцам у гэтай галіне.
Адметнасьцю піва Trye Beer застаецца тое, што ўсе гатункі робяцца выключна зь беларускай сыравіны. Калі да нашага соладу ўсе прызвычаіліся — ягоная якасьць дазваляе рабіць амаль любое піва, то беларускі хмель — гэта пэўная нечаканасьць. Ня ўсе ведаюць, але ў нашых краях хмель вырошчваюць здаўна, і зараз на прадпрыемстве «Бізон» у Маларыцкім раёне штогод вырабляюць 50–60 тон гэтага абавязковага кампанэнту піва. Некаторыя бровары дадаюць беларускі хмель у сваё піва, але ніхто яшчэ не наважыўся выкарыстоўваць яго ў індыйскім бледным элю. Тут варта зрабіць агаворку: у нас прамыслова вырошчваюцца не нейкія адмысловыя беларускія гатункі хмелю (на жаль, іх не засталося), а вядомыя ва ўсім сьвеце Magnum, Perle, Tettnanger і іншыя. Менавіта на іх стаўку робіць Trye Beer.
Зь вялікім трымценнем адкаркоўваў новае піва: было вельмі цікава, што ж атрымалася. «Хмелішча» наліваецца лёгка, пена невысокая і хутка асядае. Піва празрыстае, мае насычаны медна-бурштынавы колер. Пах прыемны: не вельмі моцны, але насычаны, трымаецца доўга, мае лугавыя і вострыя адценьні. Я б нават падумаў, што піва ахмялялася нейкімі амэрыканскімі ці аўстралійскімі хмелямі. Смак збалянсаваны: горкасць не перабівае солад, адчуваюцца травяністыя і ягадныя ноткі на фоне крыху салодкага цела. Фінал сухі, а пасьлясмак даўкі — сапраўдны чэмер! Тут ужо пазнаецца звыклы Magnum, які ўласьцівы масаваму беларускаму піву.
Увогуле экспэрымэнт можна назваць удалым. Такога IPA я яшчэ ня піў дакладна. Кошт на піва (47 тысяч) дазваляе яго браць, як кажуць, па змоўчаньні. «Хмелішча» ўжо прадаецца ў крамах Beer Barrel і «Точка».