На беларускім піўным рынку зьявіўся яшчэ адзін гулец — ТАА «Крафтавая піваварня». Новае прадпрыемства выпусьціла адразу тры гатункі з арыгінальнымі назвамі: «Бортнік», «Крумкач» і «Лецішча».
Пра бровар, які варыць піва пад брэндам Trye Beer (як мінімум, пад такой назвай гатункі створаныя ў Untappd), пакуль што мала зьвестак. Вядома толькі, што кампанія зарэгістраваная год таму, а вытворчасьць месьціцца ў вёсцы Новае Поле ў Менскім раёне. У асяродку піўных аматараў пра новы бровар казалі даўно, а alex-leit піша, што на сэртыфікацыю прадпрыемства спатрэбіліся паўтара году. Гэта толькі пацьвярджае факт таго, як цяжка стварыць у Беларусі свой бровар і пачаць варыць незвычайнае піва.
Новая кампанія заявіла пра сябе даволі сьціпла: ніякіх прэзэнтацый і прэс-рэлізаў. Тры першыя гатункі проста паступілі ў продаж празь сетку піўных крамак Beer Barrel. Але, нягледзячы на адсутнасьць шырокай рэклямы, у першы ж дзень піва разабралі амаль ва ўсіх крамах. Попыт на крафт ёсьць, а на аўтэнтычны беларускі крафт тым болей.
Усе гатункі атрымаліся цікавымі, але з пэўнымі хібамі. Галоўная — гашынг-эфэкт: калі адкаркоўваеш бутэльку, піва льецца няспыннаю плыньню. Я пра гэта ўжо ведаў, і даў адстаяцца яму некалькі гадзінаў, але гэта не дапамагло: з «Крумкача» і «Лецішча» вылілася амаль траціна напою. Другая праблема — асаблівасьці браджэньня. Ва ўсіх гатунках ёсьць пэўныя пабочныя пахі, а моцны эфірны арамат пераважае ў агульнай гаме.
«Бортнік» — грэцкі эль з 5% ABV і 22 IBU. Колер у піва насычаны, бурштынавы, замутнёны. Пах рэзкі эфірна-фруктовы. Цела не хапае: піва пуставата-мыльнаватае. Ёсьць гарчынка: крыху адчуваецца смак перасьценак грэцкага арэху грэчкі на фоне кісла-салодкай соладавай асновы.
Сьветлы эль «Лецішча» (6.1% ABV, 27 IBU) — гэта першы беларускі масавы сэйзан — піва, так бы мовіць, у сялянскім стылі. Колер у яго мутны, саламяна-аранжавы. Піва моцна карбанізаванае. Пах рэзкі, эфірны, у арамаце шмат яблыкаў і грушы. Гэта ўсё быццам бы адпаведае стылю, але, хутчэй, сьведчыць пра праблемы з дражджамі ці тэмпэратурай заціраньня сусла. Аб гэтым кажа і празьмерна даўкі і горкі пасьлясмак. Разам з кіслым смакам усё гэта выглядае досыць негарманічна.
Лепш за астатнія атрымаўся стаўт «Крумкач» (5.3% ABV, 37 IBU). У яго таксама ёсьць пабочны пах, але дыяцэтыл у невялікай колькасьці характэрны стылю. «Крумкач» у Untappd заведзены як амэрыканскі стаўт, але хмелю ў ім амаль не адчуваецца. У астатнім усё даволі добра: у арамаце шмат паленага соладу, крыху зямлі і торфу, смак горкі, карамельны, пасьлясмак вэнджаны.
Агульныя ўражаньні дваякія. Канечне, радуе зьяўленьне новага бровару, ягоны падыход і аздабленьне. Але якасьць піва пакуль не адпавядае заяўленым стылям. Гэта нагадвае сытуацыю з украінскай «Праўдай»: першы час шуміхі вакол бровару было больш, чым якаснага піва. Дагэтуль «Праўда» пакутуе ад нестабільнасьці, але ўжо выйшла на якасна новы ўзровень. Таму, спадзяюся, і ў Trye Beer усё атрымаецца ў будучыні.