Кніга пра гурт R.F. Braha

На «Басовішчы» была прэзэнтаваная кніга пра гурт R.F. Braha. Гэты калектыў зьявіўся напачатку 90-ых у Падляшшы і сьпяваў на беларускай мове.

Беларусы ў Польшчы — гэта ўвогуле вельмі цікавая гісторыя. Іх там багата, яны размаўляюць па-беларуску, але, складаецца ўражаньне, што яны не патрэбныя ні Беларусі, ні Польшчы. Нягледзячы на гэта, лякальны беларускі рух, які адрадзіўся ў канцы 80-х гадоў, існуе і разьвіваецца. Нават колькі год таму беларуская меншасьць у Бельскім павеце дабілася таго, каб указальнікі на дарогах у іх рэгіёне былі на двух мовах — польскай і беларускай.

R.F. Braha

R.F. Braha

Але вернемся да R.F. Braha. Гурт паўстаў у 1993 годзе і адразу трапіў на «Басовішча». Музыкаў пад крыло ўзяў вядомы мастак Лёнік Тарасэвіч, які у памежным Гарадку стаў рухавіком культурных зьменаў. Усё рабілася грунтоўна і канцэптуальна. Нават у назьве гурта — «Рок-фармацыя Брага» — была закладзеная адмыслова інсьпірацыя: «брага павінна фэрмэнтаваць, бушаваць і ўражваць новай якасьцю».

Гісторыя гурту R.F. Braha — гэта ня толькі гісторыя кампаніі хлапчукоў зь Беласточчыны, якім хацелася граць і сьпяваць. Гэта, у першую чаргу, аповед пра спробу нацыянальнага акрэсьленьня маладога пакаленьня беларусаў у Польшчы, а заадно запіс унікальнага пэрыяду — паскоранага пераходу гэтага пакаленьня ад посткамуністычнага мэнталітэту беларускай правінцыі да эўрапейскай сучаснасьці.

R.F. Braha

R.F. Braha

«Брага» гучна выбухнула: гурт граў канцэрты ў Польшчы і Беларусі, выпускаў фірмовы мэрч, меў сваіх фанатаў, запісаў два альбомы — «Ślapy» (1995) і «Szyzafrenija» (1997).

Альбом «Шызафрэнія» апісваў псыхічны стан людзей, якія шукаюць новую ідэнтычнасьць, а таксама праблемы маладога пакаленьня: тугу па беларускай Айчыне, жыцьцё «ў сябе», пошукі сталых кропак у сьвеце, які імкліва мяняецца.

На пэўны час гурт перастаў быць проста голасам свайго асяродзьдзя, а стаў істотная часткай праекту пабудовы сучаснай беларускай ідэнтычнасьці. Але краіна хутка мянялася, зьявіліся новыя гарызонты і магчымасьці, што прывяло да распаду раней закрытай супольнасьці. Разам зь ёй зьнік і гурт R.F. Braha, апошні выступ якога адбыўся ў 2000-ым у Менску…

Гэтыя зьявы апісаныя ў кароткім нарысе ў кнізе па-беларуску і па-польску. Дапаўняюць яго тэксты ўсіх выдадзеных песень R.F. Braha, а таксама рэдкія здымкі і два дыскі зь перавыдадзенымі альбомамі. Кніга зроблена вельмі якасна і аздоблена ў фірмовых колерах «брагі» — чорным і памаранчовым.

R.F. Braha

R.F. Braha

Нягледзячы на нядоўгае існаваньне, лёс амаль невядомага беларусам гурта R.F. Braha стаў адной з найважнейшых старонак у гісторыі беларускай музыкі. Іх прыкладам яшчэ не адзін год карыстаюцца беларусы Беласточчыны, якія стваралі і ствараюць новыя гурты, такія як Kardon, The Dzviery, Rima, Zero-85, 5set5, Beton, Ilo&friends. Спадзяюся, культурныя стасункі паміж Падляшшам і, калі так можна сказаць, вялікай зямлёй будуць разьвівацца і надалей.

Дзякуй за кнігу выбітнаму дызайнэру і музыку, удзельніку гуртоў R.F. Braha і Zero-85 Юрку Асеньніку! Калі вы жадаеце набыць кнігу, зьвяртайцеся ў Fundacja Villa Sokrates.


Знайсьці запісы R.F. Braha у сеціве амаль немагчыма. Для азнаямленьня выкладаю колькі песень з тых самых альбомаў «Ślapy» і «Szyzafrenija»: