Лацінка

Няхай жыве беларуская лацінка!

Беларуская лацінка зараз ні для каго ўжо не зьяўляецца чымсьці загадкавым: у мэтро ўсе назвы станцый дублююцца на ёй, у гарадзкіх мапах лацінка актыўна выкарыстоўваецца, а шматлікія музыкі пішуць ёй назвы сваіх песень.

Ёсьць меркаваньне, што лацінка складаная, незразумелая і яе ня варта выкарыстоўваць у гарадзкой навігацыі. Насамрэч, усё зусім наадварот. Любому жыхару Беларусі дастаткова прачытаць артыкул у Вікіпэдыі, каб зразумець правілы. Гасьцям зь іншых краін трэба трохі больш часу, хоць разабрацца з лацінкай ім нашмат прасьцей, чым з кірыліцай. Са складанасьцю адаптацыі турысты сутыкаюцца і ў Бэрліне, і ў Будапэшце, і ў Вільні — у кожнай мовы свае асаблівасьці. Праўда, аднаго дню ў горадзе дастаткова, каб зразумець адметнасьці лацінкі ў любой краіне.

Але цяпер не пра турыстаў, а пра беларусаў. Напэўна, многія адкрылі для сябе лацінку дзякуючы песьням N.R.M. «Try čarapachi», «Pieśni pra kachańnie», «Łałałała» — так незвычайна, але і вельмі проста. А яшчэ раней на лацініцы выдаваліся зборнікі Купалы і Цёткі, газэты «Наша Ніва» і «Гоман», кнігі па гісторыі і лінгвістыцы…

Цяпер ёсьць два варыянты беларускай лацінкі, як і два правапісу — клясычны і афіцыйны на базе Інструкцыі па трансьлітарацыі геаграфічных назваў. Адрозьненьні іх зусім невялікія, атму можна сьмела карыстацца любым варыянтам.

І шмат хто карыстаецца. Паглядзіце, колькі беларускіх музыкаў аздабляюць вокладкі лацінкай. Толькі ў гэтым годзе выйшлі альбомы Šuma «Žnivo», Harotnica «Gvalt», Pawa «Žyta», Kanflikt «Moj śviet», Zdań «U pošukach ježy», у мінулым — Akute «Reaĺnaść i sny», Hok-key «Znak biady», Amaroka «Virus», TonqiXod «Pradmova», Askiepak «Mabyć». Вядома, не абыходзіцца без памылак або сумяшчэньня розных варыянтаў лацінкі: тая ж Harotnica выкарыстоўвае слова «Gvalt» з «выбухным г», але ў назвах песень прытрымліваецца афіцыйнага варыянту («Matyliok» і «Nievyliečny»).

Ёсьць варыянты і горш, калі зьнікаюць абазначэньня мяккасьці, гачыкі (кароны), акуты, брэвэ або выкарыстоўваюцца сымбалі з чужых лацінак: TerraKod «Nocy», Unia «Nikoli bol», Vietah «Tajemstvy noczy» і «Adljustravanni ū czornaj vadzie», Майтай «Minulae».

Зрэшты, гэта ўсяго толькі пытаньне ўважлівасьці. Таму карыстайцеся лацінкай: яна лепш перадае асаблівасьці беларускай мовы і робіць беларусаў і іх культуру больш зразумелай для жыхароў эўрапейскіх краін.


Лацінізатар Kir2Lac — самая простая праграма для канвэртаваньня тэксту з кірыліцы ў лацінку

  • Alex Digger

    «Таму карыстайцеся лацінкай: яна лепш перадае асаблівасьці беларускай мовы»
    Лепш чым што? Чем кириллица, что ли?

    • Siarhiej Babareka

      Tak! Lepš za kirylicu!