Я штогод складаю сьпісы найлепшых на маю думку беларускіх (і ня толькі) альбомаў, але ў гэтым годзе захацелася напісаць пра іх падрабязьней. Дзеля гэтага праз восем гадоў цішыні прыйшлося рэанімаваць блог. Пагналі!
20. Avian Lung «Cycle» (EP)
Той выпадак, калі пра гурт ня ведаеш амаль анічога. Раней ён называўся «сны над оврагом», некалькі раз выступаў у менскім Growling Bar і ў мінулым годзе выпусьціў альбом «течение», які цяпер недасяжны на стрымінгавых пляцоўках. Я яго чуў, але ў памяці ён не адклаўся. Я ня ўпэўнены, што новы альбом, які выйшаў ужо пад новай назвай гурта, запомніцца надоўга. Але гэты цягучы шугэйз з жаночым вакалам гучыць вельмі атмасфэрна і цудоўна пасуе пад шпацыры пад мокрым сьнегам.
19. Drum Warz × JJ.OK «Fragments»
Інструмэнтальны хіп-хоп, створаны бітмэйкерам Drum Warz і гітарыстам JJ.OK. Музыкі засэмплявалі дарк-джаз, дадалі брудныя бубны, гітарны овэрдрайв і, такім чынам, стварылі трывожны саўнд, які быццам хмара насоўваецца над горадам, несучы змрок і невядомасьць.
18. Andruś Tak «Mir i supakoj»
Яшчэ адзін рэліз, які можна дадаць у сьпіс эмігранцкіх альбомаў зь перажываньнямі пра адлучэньне ад вялікае зямлі. «Мінорны роздум над сучаснымі абставінамі жыцьця беларусаў», як кажа сам Андрусь Такінданг. Мінімалістычны, на першы погляд нават наіўны, але вельмі мэлядычны, сэнсоўны альбом, з процьмаю спасылак, якія асабліва будуць заўважныя менчукам.
17. Twigs Garden «Rainy Evening Perfume»
Рухавіком праекта Twigs Garden зьяўляецца музыка і мастак Уладзіслаў Дубоўскі. Ён стварае сюрэалістычныя карункі як на сваіх палотнах, так і ў музыцы. Альбом «Rainy Evening Perfume» — ужо другая праца Twigs Garden. Гэта гіпнатычны інды на мяжы з дрым-попам, у якім прыгожыя мэлёдыі хаваюцца за заблюраным лоўфайным гукам.
16. Sw@da × Niczos «#INDAWOODS»
Для мяне гэты праект цікавы, у першую чаргу, з грамадзкага пункту гледжаньня. Вяртаньне Падляшша ў беларускі кантэкст і, магчыма, першы масавы прадукт на падляскае мове — гэта зьява! Але і з музычнага пункту гледжаньня тут таксама ёсьць на што зьвярнуць увагу. У Sw@da і Niczos атрымліваецца цікавае спалучэньне сучаснае танцавальнае музыкі з фальклорнымі элемэнтамі. Гэты мікс, сапраўды, прымушае слухачоў кінуцца танчыць, і гэта я бачыў сваімі вачыма!
15. Кофе из Виталюра «Vol. 1»
Крамаў «Віталюр» больш няма, але ў памяці людзей, якія жылі ў Беларусі на мяжы дзясятых і дваццатых яны, выглядае на тое, застануцца надоўга. І гэты іранічны сум па зачыненай улюбёнай сетцы ўвасобіў гурт «Кофе из Виталюра». Юнацкі інды-эма рок зь вельмі сырым саўндам, але супэр энергічнай падачай. Музыка для маладых і тых, хто хоча заставацца маладым.
14. Место для курения «Няздольнасць»
Што будзе, калі зьмяшаць празрыстыя гітары і сінты з пост-панка і надрыўную падачу з глыбінь блэк-мэтала? Атрымаецца максымальна дэпрэсыўнае спалучэньне, якое цудоўна ўвасабляе лідзкі гурт «Место для курения». Шрайкавы вакал адначасова зьдзіўляе і вабіць, але, верагодна, адштурхне патэнцыйных слухачоў з групоўкі фанатаў звычайнай халоднай хвалі. Ну, што ж, яны шмат чаго згубяць.
13. Intelligency «The Ideals»
Ад Intelligency пасьля ашаламляльнага посьпеху віруснага «August» колькі гадоў таму ўсе чакаюць чагосьці гэтакага ж. Але, выглядае, гурт ідзе іншым шляхам, не кідаючыся ў папсу і тык-ток-трэнды, а працягваючы ствараць тое, што часам называюць тэхна-блюзам. У межах гіганцкага па цяперашніх часах гадзіннага альбому такая музыка месцамі гучыць аднастайна, але агулам сучасна і цікава.
12. downcross «White Tower»
Блэк-мэталісты са Стоўбцаў downcross — адзін з найбольш пладавітых беларускіх гуртоў у сваім стылі, які выпускае новыя альбомы літаральна штогод. І пры гэтым музыкі не губляюць ад гэтага ў якасьці, а з кожным рэлізам толькі растуць. У шостым поўнафарматніку downcross дасягнулі новага ўзроўню мэлядычнасьці, якую дапаўняюць складаныя рытмічныя структуры і цікавыя прог-мэталічныя элемэнты.
11. ЗАО «Сомнительные инициативы» «Подвал турнирной таблицы»
Гурт з арыгінальнай назвай ЗАО «Сомнительные инициативы» спантанна зьявіўся ў мінулым годзе. За кароткі час музыкі выпусьцілі некалькі сінглаў, калябарацый, адзін альбом, другі (а хутка будзе і трэці). «Подвал турнирной таблицы» поўны зьедлівай рэфлексіі і (не)іранічных тэкстаў пра ўсё на сьвеце, дзе мэтафарамі жыцьцёвых перажываньняў могуць выступаць нават беларускі футбол ці дагніваючы Субару ў гаражным кааператыве. Такі лоў-файны бэдрум-поп, у якім манатонны рэчытатыў прабіваецца праз мужыцкія сьлёзы хвацкія біты.
10. Nürnberg «Adkaz»
Моцна люблю Nürnberg, і вельмі чакаў на іх новы альбом. «Adkaz» атрымаўся мэлянхалічным, вельмі мэлядычным і празрыстым па гучаньні, але троху шэраговым. Ёсьць адчуваньне, што гурт рыхтуе нешта новае і больш цікавае ў хуткім часе. Але нягледзячы на пэўнае расчараваньне, на трэцім альбоме хапае цікавых трэкаў для аматараў пост-панка.
9. Сергей Пукст «Jawfish»
У Сяргея Пукста ў эміграцыі адбываецца рэнесанс. Ён дае больш канцэртаў, чым калісьці на радзіме, яго клічуць на інтэрвію, запрашаюць у розныя праекты. Знаходзячыся ў добрай форме ён запісаў новы альбом. Тут мінімалізм уведзены ў абсалют: гучаць толькі Пукст з гітарай і бубны Уладзімера Агаяна, песьні ня больш за тры хвіліны, а агульны хранамэтраж васьмі трэкаў — 15 хвілінаў. Але ў гэтым выпадку ўсё працуе толькі на карысьць: альбом сапраўды хочацца уключыць яшчэ раз, і потым яшчэ раз, і яшчэ. На новым альбоме няма экспэрымэнтаў з гукам і авангарднымі формамі, толькі… Але як гэта апісаць, я ня ведаю. Ягоная музыка адначасова агрэсыўная, лірычная, панкавая і папсовая. І ў гэтым сэньсе «Jawfish» бліжэй да найбольш пасьпяховай працы Пукста — «Последнего альбома», які выйшаў у 2013 годзе.
8. Re123+ «Tubist»
Сайд-праект музыкаў гурта Relikt праз шмат гадоў маўчаньня нечакана вярнуўся з альбомам, праца над якім пачалася яшчэ ў 2011 (!) годзе. Рэліз адметны ўдзелам Дзяніса Дарафеева, які аздобіў складаны дроўн-саўнд праекта гукам тубы (зрэшты, гэта зразумела і па назьве), і, не пабаюся гэтага слова, легенды беларускага мэталу Лэсьлі Найфа. «Ножык» на першых дзьвюх кампазыцыях дэклямуе маналёгі ад імя салдата, якога прымушаюць ваяваць на чужой вайне, дзе ён, у рэшце рэшт, гіне. Усё гэта разам са складанай музыкай, поўнай полірытмій і атанальнасьці, стварае зацьмелы і гнятлівы гук, які зацягвае, як багна.
7. Zui «Arka»
Яшчэ адзін гурт, пра які было мала чутна ў апошні час, хоць ягоныя ўдзельнікі заўсёды навідавоку. «Гэты альбом — сувязь з мінулым, гэта тая арка, якая злучае нас сёньняшніх з тымі, кім мы былі да эміграцыі і вайны», — кажа сьпявачка і актрыса Алена Зуй-Вайцяхоўская. Гэта добра тлумачыць, чаму альбом такі кантрастны: з аднаго боку тут вельмі ляканічны, олдскульны і троху змрочны гук, але пры гэтым шмат танцавальных рытмаў і іранічных тэкстаў.
6. VVaxplay «Dust & Haze»
VVaxplay — напэўна, першы са шматлікіх праектаў Ані Жданавай, які мне падабаецца. Яна тут гучыць максымальна арганічна, яе манера сьпяваць добра спалучаецца з мэлянхалічным саўндам, які стварае другі вядомы беларускі музыка Стас Мурашка. Вынікам працы стаў кінематаграфічны рэтра-поп з адгалоскамі трып-хопа.
5. Vihilija «Amor Fati»
Блэк-мэтал — адзін з найбольш пасьпяховых стыляў для беларускай музыкі на міжнароднай арэне. Літаральна кожны год зьяўляюцца новыя імёны з моцнымі рэлізамі, якія зь лёгкасьцю можна дадаць у сусьветныя топы. Вось і яшчэ адно новае імя — менскі гурт Vihilija, які выдаў у гэтым годзе дэбютны альбом. Канешне, можна сказаць, што такая музыка троху джэнэрык, бо каноны жанра адносна вузкія. Але Vihilija атрымалася разнастаіць гучаньне пераходамі з пост-блэка ў пост-рок і блэкгэйз.
4. Мутнаевока «Антыдэпрэсанты»
Не чакаў такіх мэтамарфозаў, якія адбыліся з гуртом «Мутнаевока» на новым міні-альбоме. Музыкаў, канешне, заўсёды хіліла ў дэпрэсыўны лад, ды й гралі яны ўвесь час нешта калягранжавае. Але ў апошні час, як мне падавалася, яны імкнуліся да больш масавай і даступнай музыкі. А тут «Антыдэпрэсанты», а тут зноў надрыўны вакал, перагружаныя гітары і поўная безнадзейнасьць у жыцьці лірычнага героя песень. Толькі цяпер гэта гучыць больш даросла і аб’ёмна, а малітва пад бласт-біты і званы пад канец песьні «Цесна ў нябёсах» увогуле перакульваюць уяўленьне пра гурт!
3. Toxic Spit «Nothing»
Чулі штосьці пра гэты гурт? І я не! Я змог знасьці вельмі мала інфармацыі пра гэтых менскіх хардкоршчыкаў. Але гэта і няважна, бо музыка перш за ўсё! Яна кананічная, але зусім небанальная. Гэта аскалісты кароткамэтражны хардкор з абсалютна раз’юшаным вакалам, барабаннай мясарубкай і вельмі мэлядычнай гітарай. На гэтым цудоўным кантрасьце пабудаваныя ўсе песьні гурта, якія хочацца круціць бясконца па коле.
2. Петля Пристрастия «Суперпазіцыя»
Да «Пятлі» былі завышаныя чаканьні, бо гэта цяпер ледзь не галоўны рок-гурт Беларусі. І на альбоме ёсьць да чаго прычапіцца. Ёсьць пытаньні па якасьці зьвядзеньня, ёсьць наконт недакончанага экспэрымэнта ў выглядзе «Катастрофы» (хоць я толькі вітаю стылістычныя адхіленьні), але, галоўнае, па хранамэтражу. Зрэшты, ў маім топе хапае іпішак і проста кароткіх альбомаў, — цяпер агулам такі трэнд. Таму ўсе гэтыя нюансы застаюцца неістотнымі на фоне новых гітоў. Выбуховы альбом, які прынёс гурту новы ўзровень папулярнасьці.
1. Molchat Doma «Belaya Polosa»
Пры ўсёй маёй любові да халоднае хвалі чамусьці менавіта музыку Molchat Doma я доўгі час ня мог успрымаць. Іх наўмысна пераціснуты, быццам бы рэстаўраваны са старых запісаў, рэтра-саўнд для мяне падаваўся надта штучным. Але за ім заўжды хаваліся добрыя мэлёдыі, якія на новым альбом атрымалі выкшталцоную апрацоўку. Гурт цяпер зьвяртаецца па натхненьне прыкладна на дзесяцігодзьдзе пазьней, чым раней, і гэты сінты-поп гучыць раскошна. Альбом без слабых месцаў, зроблены на найвышэйшым узроўні, які ўздымае Molchat Doma да статусу сусьветных зорак.
Бонусам падрыхтаваў плэй-ліст з 40 цікавых трэкаў беларускіх музыкаў, якія выйшлі ў 2024 годзе. Там шмат новых імёнаў з добрай музыкай. Паслухайце!