Гады ідуць, а месца сустрэчы сярэдзіны лета для мяне не зьмяняецца. Ужо дзесяць год запар я ў ліпені адпраўляюся ў польска-беларускае памежжа на фэстываль «Басовішча».
Першы раз я паехаў на «Басовішча» ў 2006 годзе. Тады я ўпершыню адправіўся ў вандроўку аўтаспынам. Да Варшавы, дзе мы спыніліся на пару дзён, ехалі на некалькіх машынах і нават заночылі на вакзале ў Цярэспалі. А ўжо па дарозе на «Басовішча» мы спаймалі машыну адразу да Гарадка. Больш за тое, кіроўца сам ехаў з Уроцлава на фэст і ўзяў нас адразу ўчатырох. Мы прыехалі на паляну пад ноч, таму пакінулі машыну непасрэдна ў намётавым мястэчку. Калі прачнуліся, вакол машыны былі ўжо дзясяткі намётаў. Ахова прасіла прыбраць аўтамабіль, але выехаць было ніяк немагчыма :)
Такіх вясёлых гісторыяў за гады паездак на «Басовішча» ў мяне назьбіралася ўдосталь. Але галоўнае на фэстывалі — атмасфэра і музыка. У гэтым годзе быў адзін зь лепшых лайн-апаў за апошнія гадоў пяць. Нават амаль усіх удзельнікаў конкурса можна было бы сьмела ўключаць у асноўную праграму.
На «басах» я бываў і як звычайны наведнік, і ў якасьці журналіста ці фатографа, таму часам нават патанчыць не атрымлівалася. Цяпер я зноў прыехаў як госьць, таму раз-пораз кідаўся ў слэм — было пад каго падрыгацца. Monkey Bite вярнуліся пасьля доўгага перапынку. Нават ад’езд вакаліста ў далёкія азіяцкія краіны іх не спыніў: адмыслова для «Басовішча» да гурта далучыўся вакаліст «Тлушча» Павал Белы. Akute пацьвердзілі статус аднаго зь лепшых канцэртных гуртоў краіны, Лявон Вольскі выдаў грунтоўны сэт з усімі любімымі энэрэмаўскімі гітамі і песьнямі з сольнага альбому, а Pomidor/Off прымусіў усіх скакаць пад «Шабаны» (як жа не хапала Аляксандра ў ролі вядучага фэстывалю!). І, нарэшце, я пабачыў, што такое Brutto жыўцом. Міхалок і кампанія выступілі не без касякоў, але яскрава і запальна :)
https://instagram.com/p/5UDIoAKt8P/
Усе кажуць, што «Басовішча» даўно ўжо не такі круты фэстываль, якім быў у 90-ых. Але тады гэта была ўвогуле адзіная падобная імпрэза. Цяпер час зьмяніўся: і атрымаць візу выключна на фэст цяжка, і выбар падзей у Беларусі павялічыўся. Але, калі не здарыцца ніякіх форс-мажораў, я ўсё адно паеду на «Басы» ў наступным годзе. Гэта частка гісторыі беларускай музыкі і ўжо частка майго жыцьця.
Загалоўнае фота ўзятае з фотарэпартажу «Радыё Рацыя».