Гэты год запомніцца як адзін з самых насычаных і цікавых для беларускай музыкі. За дванаццаць месяцаў я праслухаў больш за дзьве сотні беларускіх альбомаў і EP, і гэта быў рэдкі выпадак, калі колькасьць перайшла ў стабільную якасьць. Сярэдні ўзровень рэлізаў аказаўся настолькі высокім, што расстаўляць альбомы па месцах было надзвычай складана. Па сутнасьці, за межамі першай пяцёркі амаль кожны мог бы апынуцца на кожнай пазыцыі. Таму ў выніку я адмовіўся ад дэталёвых параўнаньняў і абраў просты, але шчыры крытэр: зачапіла ці не зачапіла.
Пры ўсёй сіле матэрыялу, у гэтым годзе мне часта не хапала выразных гітоў. Музыка была якасная, але з альбомаў не заўсёды лёгка было вылучыць хаця б адзін трэк, якім можна зацікавіць чалавека з боку. Асобна адзначу, што для мяне гэты год прайшоў амаль бязь цяжкай музыкі. Хоць былі некалькі сапраўды моцных, міжнароднага ўзроўню рэлізаў, як у Hangover In Minsk ці Matraque, я сьвядома вырашыў пакінуць топ-20 без мэталу і экстрыму.
Як і ў мінулым годзе, у сьпіс трапілі ня толькі паўнафарматныя альбомы, але і EP, а таксама адна кампіляцыя. Гэты топ — выключна адлюстраваньне маіх уласных густаў і ўражаньняў. Вы цалкам можаце зьдзівіцца, калі ня знойдзеце тут сваіх фаварытаў, і гэта абсалютна нармальна. Таму я прапаную вам скласьці ўласны рэйтынг і падзяліцца ім у камэнтах тут ці ў сацыяльных сетках.
У першай частцы — альбомы з 20-га па 11-ае месца. Першая дзясятка — наўзабаве.
20. Chabor — Боская лірыка (EP)
Chabor стаў для мяне адным з галоўных адкрыцьцяў году. Алесь Палуйка дакладна адчувае балянс паміж рамантычнай поп-музыкай і постпанкавай мэлянхоліяй, не перагружаючы ні форму, ні зьмест. «Боская лірыка» бярэ простымі, зразумелымі гісторыямі і мэлёдыямі, якія застаюцца ў галаве надоўга. Гэта музыка без прэтэнзіі на складанасьць, але з выразным аўтарскім тварам і шчырай эмоцыяй. Лёгка ўявіць гэтыя трэкі ў радыёэфіры — і гэта хутчэй камплімэнт, чым недахоп.
19. Botanic Project — Флешбэк
Вельмі дарослая праца, у якой Botanic Project выразна азіраюцца назад і асэнсоўваюць уласны шлях. Тэксты круцяцца вакол мінулых падзей і сёньняшняга эмацыйнага стану, з пэўным адценьнем тугі і настальгіі. Музычна альбом адчувальна адыходзіць ад рэгі-каранёў у бок соўла і поп-музыкі. Аснова — мінорныя мэлёдыі і шчыльныя сакавітыя аранжыроўкі, у якіх відаць уважлівую працу з дэталямі. Пры гэтым агульны настрой і тэмп часта паўтараюцца, з-за чаго альбом успрымаецца крыху аднастайным.
18. клуб любителей музыки — Улица мира
«Улица мира» — вельмі атмасфэрны і шматслойны рэліз, у якім «клуб любителей музыки» адначасова настойліва падкрэсьлівае сваё менскае паходжаньне і нібыта азіраецца на больш шырокі ўсходні рынак. Іх музыку складана ўціснуць у адзін жанр: гэта папулярны гібрыд попу і хіп-хопу. Цягучыя рытмы, насычаныя сэмплы і ўдалыя тэкставыя знаходкі ствараюць цэльную гукавую прастору, у якую цікава пагрузіцца з галавой.
17. Port Mone — Whisper
Нечаканае вяртаньне Port Mone з матэрыялам, які гучыць па-за часам, бо фактычна ім і зьяўляецца. Запісаныя гады таму, гэтыя трэкі складаюцца ў канцэптуальную працу, дзе сама ідэя стварэньня музыкі пры дапамозе альтэрнатыўных крыніц энэргіі становіцца часткай выказваньня. Тут адчуваецца жывое дыханьне прыроды, але яно пададзена праз халодную індустрыяльную прызму. У параўнаньні з папярэднімі альбомамі, «Whisper» менш трымаецца за мэлядычную структуру і сыходзіць у эмбіент і нойз.
16. Naviband — Адліга
У мяне былі занадта высокія чаканьні ад новага альбома Naviband, таму, верагодна, канчатковая адзнака атрымалася не зусім аб’ёктыўнай. Значная частка трэкаў выйшла даволі даўно, і праз гэта альбом успрымаецца, хутчэй, як зборнік гітоў, а не як адзінае выказваньне. Сумесныя кампазыцыі зь іншымі вядомымі музыкамі дадаюць разнастайнасьці, але яшчэ больш падкрэсьліваюць «зборны» характар альбома. Пры гэтым усё зроблена вельмі якасна: аранжыроўкі, гучаньне, увага да дэталяў.
15. Anastasia Rydlevskaya — Snake Charmer
Анастасія Рыдлеўская — безумоўна адна з найбольш значных фігур новай беларускай сцэны: падыход да творчасьці, выразнае пачуцьцё формы і сьмелыя візуальныя рашэньні робяць яе музыку пазнавальнай і актуальнай. «Snake Charmer» замацоўвае гэты статус: тут ёсьць гіты з сотнямі тысяч праслухоўваньняў, моцныя вобразы і ўпэўнены пошук новых ідэй. Аднак у фармаце альбому не хапае роўнасьці: побач з сапраўды яскравымі трэкамі ёсьць матэрыял другога пляну, дзе саўнддызайн пачынае дамінаваць над эмоцыяй і мэлёдыяй. У выніку пад канец праслухоўваньня адчуваецца лёгкая стомленасьць і страта канцэнтрацыі. Гэта не адмяняе значнасьці рэлізу, але паказвае, што патэнцыял Анастасіі пакуль раскрыты не на ўсе сто.
14. лайтовы, Андрей Курс — Лайтовы курс гэта шлях а не мэта (EP)
Пяць хіп-хоп трэкаў, напоўненых жывымі гісторыямі і любоўю да дому. Цікавыя сюжэты са шматлікімі спасылкамі і прыфанкованыя цягучыя біты ствараюць цёплую і расслабленую атмасфэру. Гэты рэліз аднолькава добра працуе і як фонавая музыка ў бары, і як саўндтрэк для нясьпешных танцаў недзе на марскім узьбярэжжы. Альбом лёгка паставіць на рэпіт і не заўважыць, як ён круціцца зноў і зноў.
13. Biaz Nazvy — 20 Plus
Ад гурта з дваццацігадовай гісторыяй складана чакаць рэзкіх паваротаў — і тут іх сапраўды няма. «20 Plus» — гэта ўсё той жа олдскульны рок, але зроблены з той рэдкай шчырасьцю і энэргіяй, якая не старэе. Альбом слухаецца як суцэльны канцэртны сэт: пад кожны трэк хочацца падпяваць і лезьці ў слэм. Biaz Nazvy відавочна ў цудоўнай форме, і гэты рэліз — хутчэй не пра наватарства, а пра сілу досьведу і вернасьць сабе, што ў 2025 годзе гучыць зусім не банальна.
12. Passive Voice — В конце всё будет хорошо (EP)
Passive Voice — адзін з самых актыўных і прыкметных гуртоў гэтага году. У іх музыцы шмат шчырай наіўнасьці і каханьня, гітарнага драйву, а таксама пазнавальны вакал, які чапляе зь першага праслухоўваньня. Хтосьці можа змахнуць рукой і назваць гэта «нейкім рускім рокам», але гэта якасная поп-рок музыка для шырокай аўдыторыі — з добрай падачай і выразнымі эмоцыямі. Гурт увесь час у руху, шмат працуе і рэгулярна знаходзіць новыя спосабы размаўляць са сваімі слухачамі. А трэк «Ліст» — рэдкі для гэтага году выпадак, калі без агаворак можна сказаць: вось ён, сапраўдны новы гіт.
11. Dlina Volny — In Between
Пасьля моцнага папярэдняга альбома «Dazed» хацелася кроку на новы ўзровень — патэнцыял у Dlina Volny сапраўды сусьветны, з прыцэлам на маштаб Molchat Doma. Тут усё на месцы: халодны, адшліфаваны саўнд, сэксуальны вакал Машы, выразная ўвага да дэталяў і тэкстур. Але альбому не хапае мэлёдый, за якія можна ўчапіцца, і бэнгераў, здольных вынесьці гурт на пік. Затое гэты змрочны настрой, манатонны біт і ледзяны голас ідэальна трапляюць у дух часу — «In Between» выдатна ўспрымаецца як саўндтрэк да трывожнай будучыні.
10. Асфіксія — Лакальныя канфлікты сусветнага маштабу
Віцебскі гурт «Асфіксія» грае сыры беларускамоўны эма-панк. У камэнтах у адным з каналаў гэта назвалі «сіроцкай музыкай», і ў гэтым ёсьць доля праўды: на «Лакальных канфліктах сусветнага маштабу» шмат адзіноты, бездапаможнасьці і страчаных арыенціраў. Але менавіта праз гэтую неадшліфаванасьць альбом і працуе — ён шчыры да болю. «Асфіксія» гаворыць пра надзеі, якія не спраўдзіліся, і пра сьвет, што аказаўся занадта складаным для маладых людзей, — і робіць гэта без позы і іроніі, наўпрост, як ёсьць.
9. Zvonku — Арэлі
На беларускай сцэне востра не хапае такой лёгкай па форме, але небанальнай па сутнасьці поп-панк музыкі. «Арэлі» гучаць бесклапотна і сонечна, але гэта тая бесклапотнасьць, за якой стаіць досьвед і ўнутраная рэфлексія, а не пустэча. Песьні нібыта пра простае — каханьне і дробныя штодзённыя праблемы, — але з кожным праслухоўваньнем становіцца відавочна, што за вясёлымі мэлёдыямі хаваецца значна больш глыбіні.
8. Anton Anishchanka — Krope
Гэты альбом — сапраўднае пагружэньне ў прастору і памяць. Аўтарытэтнае выданьне The Quietus, якое ўключыла яго ў сьпіс найлепшых альбомаў года, вельмі дакладна назваў «Krope» псіхагеаграфічным падарожжам па Беларусі: праз галасы, ляндшафты і час. Антон Анішчанка асцярожна і з павагай працуе з архіўнымі запісамі, не кансэрвуючы іх, а пераносячы ў сучасны кантэкст. Сінтэзатарныя пласты, шумы і натуральныя гукі не дамінуюць, а ствараюць рамку для жывога народнага сьпеву. У выніку атрымліваецца не рэканструкцыя і не экспэрымэнт дзеля экспэрымэнту, а вельмі цэласная і эмацыйная праца пра зямлю і людзей.
7. Кофе из виталюра — Vol. 2
Другі альбом за два гады — і зноў «Кофе из виталюра» дакладнае трапляе ў настрой і мой топ рэлізаў. Хлопцы працягваюць гнуць сваю лінію шумнай і наўмысна неахайнай музыкі. За гэтай шурпатай абалонкай зь перагружанымі гітарамі — чыстая моладзевая энэргія і імпэт. Альбом бярэ не формай, а драйвам: яго хочацца слухаць гучна і крычаць ва ўсё горла. Абсалютна шчырая, бадзёрая і вельмі жывая музыка.
6. Сербский нож — Исход (Триптих)
Другая частка трыптыху замацоўвае статус «Сербского ножа» як аднаго з самых выразных беларускіх праектаў у эміграцыі. Гурт ужо заняў сваё месца на варшаўскай сцэне: вакол яго сфармавалася фан-супольнасьць, а жывыя выступы ператвараюцца ў панк-п’есу з пэўным візуальным складнікам. Музычна гэта цёмны, напружаны пост-панк, які трымаецца на рытме і атмасфэры. Дадатковую вагу дадаюць тэксты — рэфлексіі пра прыроду чалавека, дабро і зло, зь вялікай колькасьцю рэлігійных адсылак і ўнутраных сумневаў. Гэта праца пра пошук сябе і свайго месца ў сьвеце, які пастаянна зьмяняецца. У пэўным сэнсе «Сербский нож» выглядае як новая інкарнацыя «Петли Пристрастия» — з уласным голасам і актуальным кантэкстам.
5. Leibonik — Tupesni
Сяргей Башлыкевіч — адзін з самых таленавітых паэтаў сучаснай беларускай сцэны: ён філігранна працуе са словам, ствараючы шматузроўневыя тэксты з пасхалкамі, іроніяй і моцнымі вобразамі. Калі папярэдні альбом мог давесьці да сьлёз праз эмігранцкі сум і адчуваньне вайны, то «Tupesni» часта прымушае сьмяяцца да сьлёз. У музычным пляне новы альбом Leibonik таксама адрозьніваецца: аранжыроўкі сталі больш аб’ёмнымі, а падыходы — разнастайнымі. Гэта альбом, які адначасова лечыць, але не дае забывацца пра рэчаіснасьць — і менавіта ў гэтым ягоная сіла.
4. SK.EIN — Music for Tripping Homeland
SK.EIN сплятае электроніку з пост-рокам і эмбіентам пры дапамозе палявых запісаў і лоў-файных тэкстур. «Music for Tripping Homeland» — разважаньне пра мінулае і цяперашняе, пра краіну, убачаную празь беларускія дарогі. Альбом успрымаецца як падарожжа праз усю прастору — і геаграфічную, і ўнутраную, — асабліва вострае ў час, калі рух абмежаваны. Тут амаль няма словаў, але вобразы нараджаюцца вельмі дакладныя: бясконцыя палі, пустыя прыпынкі ўздоўж дарог, маўклівая настальгія. Музыка працуе як саўндтрэк да асабістага асэнсаваньня дому і сябе — ціха, уважліва і вельмі кінаматаграфічна.
3. V/A — Yiddish Veršes (Compilation)
Ніколі ня думаў, што ўключу ў свой рэйтынг зборнік з удзелам розных артыстаў. Але «Yiddish Veršes» — той рэдкі выпадак, калі кампіляцыя гучыць як паўнавартасны альбом з адзінай ідэяй і дыханьнем. Сем розных артыстаў, працуючы з паэзіяй на ідышы XX стагодзьдзя, нечакана ствараюць вельмі цэльную і канцэптуальную працу пра памяць, культуру і спадчыну. Музычныя формы тут розныя, але ўсе яны служаць адной мэце — асэнсаваць тэксты і перанесьці іх у сучасны кантэкст, не згубіўшы глыбіні і далікатнасьці.
2. Syndrom Samazvanca — Mahajba
«Mahajba» — гэта выклік самой ідэі фармату: рэдкі гурт можа дазволіць сабе пачаць альбом з шаснаццаціхвіліннай кампазыцыі, дзе ўступ доўжыцца больш за палову трэка, і пры гэтым не страціць увагу слухача. Syndrom Samazvanca сьвядома ідуць супраць трэндаў, спалучаючы псыхадэлію і краўтрок з моцным каляфолькавым падмуркам. Пераасэнсаваныя і нават перайначаныя народныя сьпевы тут не выглядаюць пустой гульнёй у фальклор — наадварот, яны набываюць новыя сэнсы і нечакана арганічна ўкладваюцца ў экспэрымэнтальны саўнд.
1. СОЮЗ — KROK
Новы альбом гурта «СОЮЗ» — без перабольшаньня праца сусьветнага маштабу, што хутка стала бачна і па рэакцыі звонку: альбом трапіў у сьпіс найлепшых рэлізаў году па вэрсыі Wyborcza, а песьні з яго гучаць на KEXP. Геаграфія і склад гурта тут таксама важныя: беларуска-польскі калектыў, госьці з Японіі і Бразыліі, запіс паміж Сан-Паўлу, Варшавай і Стакгольмам — і пры гэтым беларуская мова як аснова. Музычна гэта тонкая, вельмі прыгожая кружэлка, натхнёная паўднёваамэрыканскай традыцыяй зь яе мэлянхалічнымі мэлёдыямі і багатымі аркестроўкамі. Побач арганічна зьяўляюцца джазавыя інтанацыі і фолькавыя адценьні, што робіць альбом яшчэ больш жывым і шматслойным. Музыка, якая зачароўвае, павольна зацягвае і доўга не адпускае.
Як заўжды, бонусам я падрыхтаваў плэй-ліст з 40 цікавых трэкаў беларускіх музыкаў, якія выйшлі ў 2025 годзе. Там ёсьць як песьні з гэтага рэйтынгу, так і іншыя цікавыя кампазыцыі. Слухайце і дзяліцеся зь іншымі!